Бахарэвіч і Вольскі разам стварылі прыгодніцка-авантурны раман
9 мая 2024 у 1715230800
«Зеркало»
Выдавецтва «Янушкевіч» выпускае кнігу «Капітан Лятучая Рыба». Гэты прыгодніцка-авантурны раман напісаў Альгерд Бахарэвіч, а ілюстраваў музыка Лявон Вольскі. Інфармацыя пра гэта з'явілася в тэлеграме выдавецтва.
«Янушкевіч» анансуе сюжэт кнігі так: «Сталася так, што пятнаццацігадовая беларуска Алеся ўжо цэлы год жыве ў вялікім партовым горадзе недзе на Паўночным Захадзе Еўропы. Яна ходзіць у мясцовую школу, падпрацоўвае ў кіёску і размаўляе з акіянскімі караблямі. Але выпадковая сустрэча з трыма загадкавымі істотамі назаўсёды змяняе яе жыццё. Бо неўзабаве ёй давядзецца выправіцца ў вандроўку паміж гарадамі, кантынентамі ды нават рэальнасцямі - і пабачыць паўсвету, перажыўшы на сваім шляху галавакружныя прыгоды: у моры, паветры і на зямлі. "Капітан Лятучая Рыба" - авантурны раман для чытачоў усіх узростаў: пра адважных блуканцаў, далёкія краіны і крохкую надзею, якую спрабуе скрасці наш вар'яцкі час. Кніга пра вялікае беларускае падарожжа і супрацьстаянне злу».
Сёння, 9 траўня, Альгерд Бахарэвіч прадставіць гэтую кнігу ў Вільнюсе, у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20). Пачатак - 18.00. Разам з ім выступяць перакладчык Сяргей Шупа і выдавец Андрэй Янушкевіч.
З 10 мая кнігу можна будзе набыць у краме выдавецтва ў Варшаве (Kłopotowskiego, 4). Старт продажаў - 11.00. З 16 да 18 гадзін там будзе знаходзіцца і ілюстратар рамана Лявон Вольскі, які таксама прадставіць выданне на вініле свайго альбома «Грамадазнаўства».
Жыхары іншых гарадоў змогуць замовіць кнігу ў бліжэйшы час на сайце выдавецтва або на маркетплэйсе Allegro (дастаўка дасяжна ў шэраг краін).
Нагадаем, што ў траўні 2022 года раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» прызналі экстрэмісцкім. Пазней, у сакавіку 2023 года такі ж статус атрымала кніга Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.».