«Сышоў на восем месяцаў і пражыў іх з іншай». Тры гісторыі складаных разводаў беларусак — з шантажом дзецьмі і дзяльбой дома бацькоў
11 лютага 2023 у 1676095200
«Зеркало»
Паводле апошніх звестак Белстата за 2021 год, у краіне на два зарэгістраваныя шлюбы прыпадаў адзін развод. І далёка не ўсе яны праходзілі гладка. Мы пагаварылі з беларускамі, якія нядаўна разышліся з мужамі. Камусьці з нашых гераіняў удалося захаваць добрыя адносіны з былым, а хтосьці дагэтуль не можа адысці ад сварак і скандалаў.
Імёны герояў матэрыялу змененыя з меркаванняў бяспекі. Іх звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Як так можна, каб маці засталася з дзецьмі на вуліцы?»
Беларусцы Алесі 43 гады. Яна па прафесіі юрыст. Яе муж Васіль займаецца будаўнічым бізнесам. Разам яны пражылі каля 20 гадоў, у афіцыйным шлюбе - 12. У пары шасцёра дзяцей. Алеся кажа, што для абаіх гэта ўсвядомленае рашэнне, і дадае, што ўсё пачалося пасля нараджэння шостага дзіцяці.
- Я думаю, нас проста накрыў крызіс сярэдняга ўзросту: у 40 гадоў з'явіліся праблемы, адносіны сталі нацягнутымі, - расказвае суразмоўніца. - Да гэтага мы жылі добра. Я на працу выходзіла амаль адразу пасля родаў, мы наймалі няню, таму што ў мяне добрая зарплата і так выгадней. Мы жылі ў кватэры маіх бацькоў і будавалі вялікі дом на 300 «квадратаў». Але ў нейкі момант муж, мабыць, вырашыў, што яго ўсё гэта не задавальняе, жыццё прайшло дарэмна - і стаўленне да мяне стала грэблівым. Усё гэта цягнулася дзесьці паўгода. А потым я адрамантавала ноўтбук старэйшага сына і ўбачыла, што муж не змяніў пароль у Instagram, а там - перапіскі з іншымі жанчынамі. Тады я зразумела, што ён ужо даўно спрабаваў выбудаваць новыя адносіны і яму, хутчэй за ўсё, проста хацелася развязаць рукі, пачаць жыццё з чыстага аркуша. Я ўбачыла гэтую здраду, доўга не магла спаць начамі, задыхалася. Схуднела кілаграм на дзесяць. Мне было вельмі кепска. Думаю, тады нават дэпрэсія была. І дзеці былі ў стрэсе, бачылі нашыя сваркі, што мне кепска.
Чаму адносіны сапсаваліся настолькі, Алеся дагэтуль не разумее. Кажа, у сваім горадзе яны з Васілём былі ўзорна-паказальнай сям'ёй, іх ведалі як вернікаў, паважалі.
- Падставай для разводу стаў скандал, які ён мне зладзіў: што за мужчына ў цябе ў кабінеце, напэўна, гэта твой каханак. У выніку я нахаміла яму ў адказ, бо трызненне нейкае. Мяне проста калегі прыйшлі павіншаваць з Новым годам, - успамінае жанчына студзень 2020 года. - Ён псіхануў, узяў свае шмоткі і пайшоў з кватэры, дзе мы жылі, у дом. Я вырашыла, што раніцай прыйдзе, бо раней такога не было. А ён не вяртаецца. Тэлефаную: «Супакоіўся? Калі дадому прыйдзеш?» Ён кажа, падаю на развод. Потым мне тэлефануе суддзя. Аказваецца, канцылярыя толькі адкрылася 2 студзеня, а ён ужо стаяў на парозе падаваць заяву. Дзяцей у нас шмат, таму разводзілі нас доўга, усё гэта зацягнулася на год. Плюс я ўсяляк спрабавала пагаварыць, не разумела, што адбываецца. А потым мне псіхолаг патлумачыла, што наш развод - не вынік скандалу, гэта разлічаны ход з яго боку.
- Калі ён прыйшоў дадому па дакументы для суда, я спадзявалася дамовіцца, а ён увесь у новай моладзевай вопратцы, з парфумай - відавочна хтосьці ёсць, - працягвае суразмоўніца. - І ён у адказ: «Ты на сябе паглядзі, што ты ў жыцці зрабіла, дзяцей нараджала, займіся сабой лепш, мне апошнім часам і не хацелася цябе». Карацей, яшчэ і гэтага наслухалася. І атрымліваецца, ты выбудоўвала жыццё, лічыла, што ў цябе ўсё стабільна і паспяхова, дзеці, муж - і ўсё ў выніку рухнула. Я разумела, што калі б не дзеці, я б, можа, і… карацей, думкі былі кепскія.
Ужо калі пачалася дзяльба маёмасці, Алеся даведалася, што былы муж загадзя перавёў машыну і набыты ў шлюбе офіс на брата, а сваю будаўнічую фірму - на маці. У судзе жанчына не змагла даказаць, што не давала згоды на перадачу бізнесу родным. Усё гэта ў выніку адышло былому мужу.
Недабудаваны дом падзялілі папалам (у будынка зрабілі два ўваходы), а вось у кватэры бацькоў падзялілі мэблю. У жанчыны не атрымалася даказаць, што амаль усё там купленае яшчэ яе роднымі.
- Ён паказваў чэк нібыта на наш унітаз і батарэі (хоць усё гэта было яшчэ пры здачы дома) і казаў, што купіў іх сам. Ясна рэч, я пакідала ўсё гэта сабе, не будзеш жа хадзіць у вядро, а ён вывез пральную машыну, пасудамыйку, амаль усю тэхніку. Давялося браць новае ў растэрміноўку, - успамінае суразмоўніца.
Яна кажа, што ў сваёй палове дома пакуль жыць немагчыма, таму яна з дзецьмі застаецца ў кватэры бацькоў. Але дадае, што былы муж сваю частку адрамантаваў.
Аліменты Алеся атрымлівае невялікія. Былы муж плаціць ёй суму, роўную бюджэту пражытачнага мінімуму, - 341 рубель і 48 капеек на чацвярых няпоўнагадовых дзяцей. Дзве старэйшыя дачкі - ужо студэнткі.
- У мяне сын хадзіў восенню ў лёгкай вятроўцы, бо з цёплай курткі вырас. А былы муж прыходзіў на суд у модных рэчах - і я як расплакалася проста там. Адвакат мяне вывела з залы, не хацелася прыніжацца, - успамінае жанчына. - І гэта дагэтуль не адпускае. Вельмі крыўдна: усё, што ты ў сям'ю ўкладвала, цягнула на сабе, у цябе забіраюць. Калі б мужчыны неслі адказнасць за дзяцей у нашай краіне, разводы заканчваліся б інакш. Як так можна, каб маці засталася з дзецьмі фактычна на вуліцы, а бацька жыве сабе, водзіць у агульны дом жанчын? У выніку мужчына толькі плаціць аліменты, а жанчыне дастаюцца органы апекі, якія яшчэ могуць і дзяцей забраць. Гэтая неабароненасць дадае стрэсу.
Дзеці Алесі развод бацькоў перажывалі цяжка. Яна прызнаецца: не мела рацыі ў тым, што не стрымлівалася, крычала на былога мужа пры дзецях, «паводзіла сябе як істэрычка».
- Вядома, яны былі ў пастаянным стрэсе. А ён яшчэ прыходзіў да нас і казаў, што яму балюча было глядзець, як я з дзяцей здзекавалася. Але ёсць фатаграфіі, ёсць суседзі - усё пацвердзяць, што такога не было, - упэўнена кажа суразмоўніца. - Ён адразу пасля разводу не браў дзяцей да сябе, а цяпер пачаў забіраць у нядзелі. І выкладвае фатаграфіі ў інтэрнэце, які ён добры тата. Я бачу, што дзеці прывыклі да таго, што мы ў разводзе, але ім дагэтуль цяжка. У адзін момант яны нават папрасілі не расказваць ім пастаянна, якія кепскія мама ці тата.
Цяпер жанчына ўжо прывыкла да новага жыцця. Праўда, пасля разводу давялося пачаць эканоміць.
- У мяне нядрэнная зарплата, я кіраўніца, але ў каранавірус стала цяжэй. Раней я ніколі не хадзіла ў сэканды, цяпер у асноўным там закупляемся. Або калі раней стараліся прытрымлівацца здаровага харчавання, то цяпер ямо як усе. Дапамагаюць мае старэйшыя дочкі, могуць малодшым нешта даслаць. Бабуля і дзядуля таксама гасцінцы перадаюць, якіх 50−100 рублёў. Карацей, спраўляемся, - рэзюмуе яна.
«Сонейка, сыночак, ты адпачні. Лерачка, а можа, ты знойдзеш сабе яшчэ адну працу?»
Мінчанцы Валерыі 40, яна юрыст па адукацыі і вядзе свой бізнес. З дызайнерам Віктарам жанчына развялася ў 2019 годзе. Выпадак у яе не самы тыповы: шлюб быў добры і па вялікім каханні, у мужа і жонкі нарадзілася вельмі доўгачаканае дзіця, якому на момант разводу споўнілася амаль 14. Але ў адносінах наступіў крызіс. Як цяпер лічыць суразмоўніца, прычынай сталі бацькі мужа:
- Яны нам вельмі моцна перашкаджалі. Самы просты прыклад. Мы куплялі першую кватэру ў крэдыт, і яго бацькі ўвесь час казалі: «Ды навошта, не трэба». Хоць гэта нашая справа, мы ў іх грошай не бралі. І калі б я не паставіла ультыматум: ці мы купляем яе, ці разводзімся - нічога б не было. А калі праз тры месяцы жыллё рэзка падскочыла ў цане, яны перадумалі: «Які ты малайчына, што пагадзіўся». Яны добрыя людзі, але вось гэтай няпрошанай дапамогай і парадамі проста замучылі: «Сонейка, сыночак, ты адпачні, у цябе творчая спецыяльнасць. Лерачка, а можа, ты знойдзеш сабе яшчэ адну працу?» Я кажу: «Што гэта наогул значыць?» А ён ніколі не скажа слова насуперак, не выказвае свайго меркавання. Бацькі так выхавалі.
У шлюбе муж і жонка пабудавалі дом побач з бацькамі мужа, і тыя сталі частымі гасцямі ў сына з нявесткай. У нейкі момант Валерыя нават выставіла іх на двор і папрасіла больш не прыходзіць.
- Сваімі дзеяннямі яны стваралі Віктару такую бытавую інваліднасць: пастаянна паўтаралі, што ён нічога не можа, - успамінае суразмоўніца. - Апошняй кропляй стала вось што: калі мы купілі сыну кватэру на будучыню (мала што здарыцца, хай будзе, фінансы дазваляюць), бацькі мужа зноў прыйшлі: «Навошта вам гэтая кватэра? Дзіця яшчэ маленькае». Я зноў кажу: «Слухайце, мы ў вас грошай не бяром, я проста хачу купіць сыну кватэру. Якая вашая справа?» А потым я гляджу на свайго сына, і ён становіцца такім самым: ляжыць на канапе, а ўсё ў сям'і робіць мама. І мне давялося выбіраць: ці будучыня майго сына, ці гэты шлюб. Я перастала адчуваць сябе жанчынай, ператварылася ў ламавога каня, які ўвесь час змагаецца з яго бацькамі. Гэтая іх дакучлівасць прывучыла Віктара быць несамастойным, і я ад гэтага проста стамілася. Мужу майму, вядома, было вельмі крыўдна, ён моцна злаваўся - я ж выгнала яго на вуліцу. І вось гэтую крыўду ён перанёс на наш развод: усё будзем дзяліць, дом, бізнес, адмовіўся размаўляць з сынам, ледзь не вайна была спачатку.
Валерыя ўпэўненая: з пункту гледжання права яе пазіцыя была мацнейшая, чым у мужа, дзякуючы шлюбнай дамове, якую яны заключылі да вяселля. Калі б маёмасць дзялілі праз суд, ён змог бы прэтэндаваць толькі на палову кватэры і машыны, але ніяк не на дом і бізнес. Гэта, паводле суразмоўніцы, мужчыну пакрыўдзіла яшчэ больш, і тады ён паспрабаваў умацаваць свае пазіцыі, шантажуючы яе сынам. У такіх сварках Валерыя і Віктар пражылі амаль год пасля рашэння разысціся. Але ў нейкі момант жанчына стамілася ад скандалаў і настаяла на дыялогу. Матывам у першую чаргу стаў сын: на той момант яму было 13 гадоў, і хлопчык вельмі моцна перажываў, што бацька знік з яго жыцця.
- Напрыклад, раней Віктар адвозіў яго ў школу, а потым бацькі раптам не стала, і сын ездзіў на аўтобусе. Хоць муж жыў побач і мог адвезці дзіця, але паказальна гэтага не рабіў, - расказвае жанчына. - І калі б не такая рэакцыя сына, я б не пайшла на медыяцыю. Да таго ж у нас быў вельмі добры сябар сям'і, які ў дзяцінстве перажыў цяжкі развод бацькоў. На момант нашага разводу яму ўжо было пад 40, і ён быў адзін. Мы разумелі, што ён псіхалагічна траўміраваны ў дзяцінстве. Таму ў нейкі момант я напісала былому: «Давай зробім усё магчымае, каб не ператварыць нашага сына ў такога ж чалавека». І ён ператэлефанаваў. Дзеля шчасця дзіцяці мы пачалі дамаўляцца. Я выбрала найлепшага медыятара ў Беларусі, каб мы маглі спакойна сесці і пагаварыць.
Працэс медыяцыі ішоў чатыры месяцы, і ў выніку муж і жонка дамовіліся. Да таго ж Валерыя адразу сказала мужу: яна юрыстка, з ёй выгадна сябраваць. Суразмоўніца падкрэслівае: вялікі плюс медыятара ў тым, што ён глядзіць на развод з пазіцыі дзіцяці, а не кагосьці з бакоў, прапануе розныя варыянты вырашэння пытанняў. У выніку Валерыя выплаціла былому мужу палову кошту кватэры, аддала машыну, а Віктар загадзя заплаціў усю суму аліментаў наперад (гэта была яе ўмова) і пакінуў за былой жонкай дом і бізнес. Падпісалі нават дамову пра выхаванне дзіцяці, зафіксавалі, хто будзе аплачваць яго навучанне ў Еўропе. Судовы працэс пасля пройдзенай медыяцыі ішоў хутка: муж і жонка пра ўсё дамовіліся, усё падзялілі загадзя.
- Суд прайшоў вельмі хутка, нас развялі, усе вольныя і задаволеныя, - расказвае Валерыя. - Адносіны ў былога мужа з сынам наладзіліся: праз год яны пачалі разам ездзіць на рыбалку і наогул пасля нашага разводу бавілі разам больш часу.
Цяпер жанчына разам з сынам жыве ў Варшаве. Яна ўваходзіла ў штаб Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года, праз што ёй не так даўно давялося пакінуць краіну.
- Мы з Віктарам да гэтага часу камунікуем. Калі мы прыехалі ў Варшаву, было цяжка. Я ўспамінала былога мужа, усе нашыя моманты разам. І я сумую па ім, - са слязьмі кажа яна. - Але як успомню яго бацькоў - думаю: божа, нізашто. Таму што гэта было поўнае пекла, і я не хачу туды вяртацца. Каб канчаткова прыйсці ў сябе, мне спатрэбілася паўтара года, і цяпер мы перайшлі ў катэгорыю блізкіх сяброў. Калі ў мужа з'явілася жанчына, я радавалася: «Ну пакажы ўжо!» І калі яны рассталіся, было крыўдна: яна прыгожая, ён таксама добры. Але не склалася. Цяпер я адна, мой муж адзін, але мне пакуль зусім не хочацца думаць пра адносіны.
«Было сорамна сказаць, што яго месяцамі не бывае дома, а я дарую»
Для 36-гадовай Ірыны, якая развялася ў кастрычніку 2021-га, першы год самастойнага жыцця стаў палёгкай: адносіны з былым мужам Ігарам у яе не заладзіліся практычна з самага пачатку.
- Ажаніліся мы ў 2006 годзе, калі мне было 20, і пражылі ў шлюбе амаль 15 гадоў, - расказвае суразмоўніца. - Стасункі ў нас былі такія: з першага дня ён сыходзіў з дому. Але калі першы час ён сыходзіў на тыдзень і вяртаўся, то праз дзесяць гадоў сумеснага жыцця мог сысці на некалькі месяцаў, а потым прыйсці і сказаць: «Прабач, кахаю-не магу, вярніся». Ігар ніколі афіцыйна не працаваў, заробкі былі непастаянныя. Яшчэ ён любіў выпіць - сам з праблемнай сям'і, бацькі моцна выпівалі. Калі дачка падрасла і ёй было ўжо амаль 12, я вырашыла, што пацягну яе выхаванне адна, і падала на развод.
Ірына прызнаецца: рашэнне развесціся прымалася вельмі цяжка. Гэта была трэцяя заява, якую яна падавала ў ЗАГС. Падчас першага разу дачцэ было тры гады - тады Ігар угаварыў жонку не разводзіцца, сказаў, што ўсё будзе добра. Другі раз жанчына хацела развесціся ў 2020 годзе, але муж прынёс даведку, што закадаваўся. Яна забрала заяву, а пасля аказалася, што дакумент быў несапраўдны.
- Трэці раз я пайшла і развялася канчаткова, - расказвае суразмоўніца. - Нам тады далі тры месяцы на прымірэнне, а потым мы прыехалі, і нас адразу развялі. Суддзя спытаў мяне наконт прычын. Я сказала, што гэта ўжо трэцяя заява і нічога не змяняецца, а сумеснай будучыні ў нас няма. Суддзя ўсё зразумеў і адразу нас развёў. Былы муж усё гэта ўспрыняў спакойна, у яго тады ўжо была жанчына. Хоць ён яшчэ пасля разводу вельмі доўга пісаў, што мяне кахае.
Пытання пра дзяльбу маёмасці адразу пасля разводу не стаяла. Ірына з дачкой па-ранейшаму жылі ў доме яе бацькоў. Былы муж пераехаў да сваіх бацькоў. У судзе толькі дамовіліся пра выплату 300 рублёў штомесяц на ўтрыманне дачкі. Праўда, расказвае Ірына, праз нейкі час грошай станавілася ўсё менш, і ў чэрвені 2022 года яна афіцыйна падала на аліменты.
- А потым у мяне з'явіўся мужчына, з якім мы пачалі разам жыць. І былога мужа гэта, мабыць, вельмі моцна зачапіла. Тады з падачы сваёй сужыцелькі ён вырашыў падзяліць маёмасць. Як я разумею, яна яго матэрыяльна падтрымала, бо на суды ідзе вельмі шмат грошай, - разважае Ірына. - Прычым Ігар цяпер хоча дзяліць не толькі сумесна нажытае (а гэта лецішча, якое я купіла на свае грошы для дачкі), але і прэтэндуе на палову дома маіх бацькоў. Калі ты ў шлюбе робіш рэканструкцыю жылля, то яно падлягае падзелу як сумесна нажытае. Дому 37 гадоў, таму мы памянялі частку даху і замест ганка пабудавалі нешта накшталт пярэдняга пакоя, паставілі сценачкі. А цяпер ён спрабуе даказаць, што гэта нібыта рэканструкцыя, і падзяліць гэты дом. Пры гэтым, як мне кажа адвакат, на кватэру яго бацькоў, якую мы прыватызавалі ў шлюбе, я не маю ніякіх правоў.
Цяпер судовае паседжанне прыпыненае, на патрабаванне Ігара праводзяцца экспертызы. Што далей будзе з домам, у якім жывуць Ірына з дачкой, пакуль незразумела. Хоць суразмоўніца ўпэўненая: палову дома ён ніколі не адсудзіць, бо для гэтага Ігар мусіў істотна павялічыць яго кошт. Але вось на 1/12 будынка ён усё ж можа прэтэндаваць (гэта палова ад долі брата Ірыны, якую яны з мужам выкуплялі ў шлюбе).
- Магчыма, суд пойдзе на тое, каб я проста выплаціла яму гэтую суму. Самае галоўнае - не пусціць яго сюды жыць, бо гэта будзе пекла. Ён жа можа прывесці і сваю жанчыну, а ў яе яшчэ двое дзяцей ад мінулых шлюбаў, - расказвае Ірына. - Я ў яго яшчэ пытала: «Чаму ты хочаш забраць у дзіцяці спадчыну? Бо гэты дом застанецца нашай агульнай дачцэ, як тваё сумленне дазваляе забраць палову ў яе?» Але ён толькі кажа, што я настроіла яе супраць яго і не даю ім камунікаваць. Хоць дзіцяці 15 гадоў, яна ўсё выдатна разумее і кажа, што з такім бацькам камунікаваць не хоча. Ды і ён сам не спрабаваў сустрэцца з дачкой з таго моманту, як падаў на мяне ў суд. Затое на паседжанні ліў слёзы, што яе доўга не бачыў і засумаваў.
Ірына прызнаецца, што яе былы муж - у цэлым нядрэнны чалавек: пакуль жылі разам, добра ставіўся да дачкі, не шкадаваў на яе грошай, але любіў выпіць і пагуляць. А калі жанчына даведалася, што восем месяцаў падчас апошняга сыходу Ігар пражыў з іншай, гэта стала апошняй кропляй.
- Ён дагэтуль адмаўляе гэта, але мне не адзін чалавек пацвердзіў яго здраду, - упэўнена кажа суразмоўніца. - Калі ён першы раз не прыйшоў начаваць, мая мама яшчэ была жывая і сказала: «Лепш бы ты за пачвару выйшла замуж, чым за такога». Гэтыя словы я памятала ўсё жыццё і кожны раз пракручвала ў сябе ў галаве. Але ад сяброў і родных хавала яго сыходы ўсё жыццё. Мне было сорамна сказаць, што я вось так жыву: ён сыходзіць, яго па тры-пяць месяцаў не бывае дома, а я дарую. Я прыдумляла ўсякае, казала, што ён з'ехаў у камандзіроўку, яшчэ нешта. Толькі нядаўна расказала стрыечнаму брату, і ён увесь час казаў мне кінуць Ігара і жыць шчасліва далей. Цяпер у мяне добры мужчына, які не п'е, адукаваны, годны прыклад для маёй дачкі. Але той развод мне трэпле нервы дагэтуль. Сяджу на прэпаратах, інакш ніяк. Адчуванне, быццам стаіш у цемры і не ведаеш, як з гэтага ўсяго выбрацца.