Даследчыкі заявілі, што знайшлі металічны імплант у трохпальцай руцэ так званай іншапланетнай муміі, знойдзенай у Перу, паведамляе Daily Mail.
Гэта зноў выклікала спрэчкі ва ўсім свеце наконт сапраўднасці гэтых рэшткаў.
Знойдзены ў руцэ імплант выраблены з лёгкага металу. Яго дасталі з дапамогай пінцэта. Паводле судова-медыцынскага эксперта ВМС Мексікі Хасэ Залсэ Бенітэса, гэта складаны сплаў алюмінію, волава, срэбра, медзі і іншых элементаў, уключаючы кадмій і осмій. Ён таксама падкрэсліў, што гэтая трохпальцая рука не належыць муміям, якіх раней паказалі ў мексіканскім кангрэсе, але яе таксама знайшлі ў тым жа месцы ў Перу, дзе былі выяўленыя іншыя рэшткі.
Металічны імплант падобны да кавалачку серабрыстай фольгі. Перад ускрыццём руку апрацавалі спецыяльнай сыроваткай для аднаўлення тканак, каб звесці да мінімуму пашкоджанні. Гэты метад выкарыстоўвае ФБР для правядзення сваіх судова-медыцынскіх даследаванняў.
Нягледзячы на заявы даследчыкаў, крытыкі, уключаючы перуанскіх чыноўнікаў, сумняваюцца ў сапраўднасці мумій. Археолаг Флавіа Эстрада з Інстытута судовай медыцыны Перу адзначыў, што такія аб’екты можна зрабіць з костак жывёл і сінтэтычных матэрыялаў.